Вікці
Le paradis où l’angoisse est désir
Поццы
Значыць, мяцеж: вусны — гатунак зброі.
(Мох, бавоўна, мёрзлы пясок). Чалавечае
цела біткое: з фарфору; плаўкае: з волава
цела; дваістае: анагліфічнае,
шэрае з сінім (пашкоджанасць колбачак) —
цела належыць таму, хто пабачыць абодва;
звонкае цела: бразгат падводнага неба;
цела на памяць: паціна поту, рыхлае
дыханне; кататанічнае цела.
Час абялення (значыць, адданасці гору:
высілкі ўгору). Дэфенестрацыя люстраў,
кроенне слоўнікаў, перарысоўка межаў:
сутаргі волі, перакрыжоўванні звязак.
(Торф, яечны бялок, сургуч). Ні холад, ні
гарачыня (значыць, ірвота: Дзівосная
Міласць). Безабароннасць зярняці:
права на першую песню. Ніводнага гуку.
Накіп на ўлонні — марай пра згорклы пластык;
змена рэгістру. Роўнабаковы трохкутнік.
Вытхнулы ладан! Муміі міраносіц!
Анальгетычным раем бяздзюбых спрутаў.
(Сонца! Пазбаў спакусы
поўнага паразумення).
Ешу
Under silvret
den svarta bilden sönderkysst
Экелёф
Начныя зарокі зрабіліся колкай лёду:
свежыя раны, кароста; сігналы юродства.
На кожнай рэчы бачу пячатку гвалту.
Вочы, знутры
татуяваныя:
літар бясконца малых —
цалункаў — бясконца малых
крыжы. Вадападаў
засмужанасць: вільгаць.
Рыпанне, свіст
за плеўкай плеўры:
развасабляецца боль.
Не разам стоячы —
не тоячы: дух
высакародны — шчылінай
(адсутнасць ветру:
штыль, мужчынскі род).
Да твару твар —
à perdre haleine;
вуснаў руплівасцю
(млоснасцю):
так раскладаюцца промні
святла, выпадкова
заспетага (значыць,
убачанага).
Esse est percipi: мяса,
каўчук; мозг,
успораты мовай
(ерассю недатыкальнасці).
Волкія сцёгны
раўнуючы: сонца.
Стрыжыным разрэзам —
прабел — свіціцца,
чэзне нарэшце:
так разбухае маўчанне:
пульхны дыяметр
жарсці, няіснай
павек — здрада
самкнутых: ахвяр
бязгучным разломам:
чырвані вёснаў; вуснаў.
Кругам (значыць,
акружнасцю) —
голас датклівы
(памяць пра голас —
вечная; значыць,
прыпамінаннем):
так завяршаецца дотык:
вадкае срэбра,
водар валосся!
Шчыльнасць паветра.
Там наўздагон,
пад месяцам:
апазнавальным —
бель, вераломная
бель арыфламы
заплямленай.
Цімоху
И в таинствах земных религий
Миражем кровяных паров
Маячат вихревые сдвиги
Твоих кочующих миров
Зянкевіч
⁂
Час, калі людзі адно аднаму выколваюць вочы.
Згубіўшы зрэнку, раёк распушчаецца ў небе.
Кранутыя вугалем вусны пяюць слепату, палохаючы каханкаў.
⁂
Віхурыцца антыпаветра: здараецца час і прастора.
Ажыццяўляецца рух: неабсяжныя крыгі глейкага пылу, глыбы бязважкай сажы мяжуюць палі Нябыту.
З Нішто нараджаецца Нешта: хваля за хваляй, знямогшы ад юру, множыцца рух: планеты злятаюць з арбіт; падаюць зоркі, збіваючы клюшнямі чэрап іржавай цвердзі.
Цягліцы сузор’яў сціскаюцца ў прыступе жарсці; сцёгны сіфілітычных камет згараюць у выблісках болю.
Падаюць зоркі, шыю згінаюць цалункам.
⁂
Анёлы з вачыма аслінымі выпростваюць рукі, бяруць у двукоссі нябёсы.
Прыгожая, як самагубства, безуважная, як саранча, Матэрыя вырастае; пад купалам ейных зжаўцелых павек цьмеюць, згушчаюцца Прошласць і Прышласць.
Чарніла бацыл поўніцца смеццем: целы забітых жывёл, забытых герояў з праклёнам на вуснах, бязвінных царыц — артэфакты шыпучай феміннасці; подых адвечнага Ветру захоўвае іхнюю форму і боскую сутнасць.
(О дзявочыя косы! Што зрабілі б вы супраць жалезнага ляску?)
Першым законам Сусвету абвешчаны гвалт: крыгі няўмольна заходзяць адна на адну, здзіраючы ў кроў сухажыллі ртутнага мора.
Колы Сатурна пышацца вераломствам, квітнеюць цэзурай пагарджаных птушак.
Гора таму, хто аднойчы пабачыў неба!
⁂
Віхурыцца антыпаветра: Нішто набіраецца сілы.
У скрыгаце гулкай тугі раджаецца новая форма: мінуючы вадкасць, жалеза робіцца парай.
У жарале ўсюдыіснага смутку раджаецца новая мова: аскомістая, бы стогн; бессаромная, бы сурокі; няправільная, бы птушыныя гнёзды; няўчасная, бы прызнанне ў каханні; яе алфавіт непадуладны ні чалавеку, ні зорным вошам.
Малітвы ўзлятаюць, успыхваюць у вышыні — заспетыя вірам, нямеюць і сохнуць, бы фінікі.
Прастора трашчыць па швах; з сярэдзіны Млечнага Шляху праменіць счарнелае Сонца; яго расцятае горла бруіцца Святлом з часоў першабытных.
Месяц, наліўшыся спермай, складаецца ў дзве столкі.
Нябелены кужаль Касіяпеі набрыньвае дзёгцем і потам.
Прастора ніякавее: аргазм і вусціш.